Гісторыя ўстановы

З ГІСТОРЫІ ШКОЛЫ

Гісторыя заснавання Шчорсаўскай школы цесна звязана з графам Іахімам Літаворам Храптовічам.

             Іахім Літавор са славай

             Займаўся  і  дзяржаўнай справай:

             Быў наш граф – міністр асветы

             І нямала дбаў пра гэта,

             Школу ў Шчорсах адчыніў,

             Каб народ дзяцей вучыў.

Школа ў Шчорсах працуе з некаторымі перапынкамі з 1773 года.

Спачатку гэта была царкоўна-прыходская  пачатковая школа, у якой навучалася  каля трох дзясяткаў юнакоў (дзяўчынак у школу не бралі). Школа знаходзілася ў цесным наёмным сялянскім доме. Заняткі праводзілі ў зімовы час.

Як даніна павагі заснавальніку школы, як сімвал непарыўнасці і пераемнасці ў навучанняі герб нашай установы адукацыі.

Шчыт і шлем -  сімвалы абароны, нашай абароненасці.

Чырвоны колер шчыта сімвалізуе  нашу сілу.

Лук са стралой паказвае, што наша сіла магутная і накіравана на авалодванне ведамі і мудрасцю продкаў (пра гэта сведчыць раскрытая кніга).

Інакш кажучы, нашы веды – ёсць наша сіла і абарона.

Але вернемся зноў у гісторыю.  З 1814 года старэйшы сын Яўхіма Храптовіча Адам  для сялян  трымаў уласным коштам буйныя пачатковыя школы ўзаемнага навучання ў Шчорсах і Нягневічах. У Шчорсаўскай школе, дзе пачаткамі навукі авалодвалі 256 вучняў розных веравызнанняў (паводле звестак 1822 года – 350 вучняў), выкладанне вялося па метаду англійскага педагога Ланкастара. Школа лічылася ўзорнай. Акрамя атрымання элементаргых ведаў, дзеці вучыліся на старастаў, пісарчукоў, эканомаў.

У час паўстанняў 1831 - 1832 гадоў., 1863 – 1864 гадоў.школа не дзейнічала.

У 1875 годзе на месцы сучаснага лясніцтва на сродкі графа Храптовіча быў узведзены прыгожы драўляны будынак, дзе і размясцілася земская народная трохкласная школа з 4-х гадовым тэрмінам нвучання, у якой да пачатку Першай сусветнай вайны набывалі веды  каля 200 дзяцей. Загадчыкам школы больш як 15 гадоў працаваў Анісім  Рамановіч .

У 1915 годзе фронт шчыльна падышоў да Шчорсаў. Многія жыхары выехалі з родных мясцін.  Да 1917 года школа ў Шчорсах  зусім  не  працавала.

У час акупацыі Заходняй Беларусі Польшчай з 1921 года да 1939 года ў Шчорсах працавала  гэтак званая сямігадовая “школа паўшэхная”. Навучальная ўстанова была раскідана па прыватных дамах. Кіраўніком школы была Грабоўская Марыя Гіляраўна. 

У гады фашысцкай акупацыі навучанне ў школе амаль  не вялося.

У верасні 1944 года школа прадоўжыла сваю працу ў цэнтральным корпусе былога графскага палаца. Дырэктарам быў Шышэя Андрэй Ігнатавіч.

У 1946 – 1947 навучальным годзе школьныя памяшканні былі перададзены навучэнцам спецыяльнай сельскагаспадарчай школы. Шорсаўскія вучні  сталі набываць веды ў будынку  былога пастарунка (ля  сенняшняга памяшкання лясніцтва).

У верасні 1947 года школа вярнулася  ў былы графскі маёнтак. З 1946 г. да 1952 г. школай кіраваў Ёрш Іосіф Канстанцінавіч. З усіх настаўнікаў, якія працавалі ў школе, толькі двое мелі вышэйшую адукацыю.

З 1950 года Шчорсаўская школа стала васьмігодкай, 3 1952 года – сярэдняй.

У 50-х-60-х гадах мінулага стагоддзя школай кіравалі Бязручанка Іван Сцяпанавіч, Шарыкала Уладзімір Лявонцьевіч, Лаўрыновіч Сяргей Паўлавіч, Каралёў Анатоль Васільевіч.

З 1976 года  сярэднюю школу ў Шчорсах узначаліў Мікалай Лазаравіч Аляшкевіч.

У 1986 годзе дырэктарам Шчорсаўскай сярэдняй школы стаў Іван Серафімавіч Паддубіцкі.

З 2005 года школай кіраваў Мікалай Міхайлавіч Кулеш.

За гады існавання сярэдняй школы з яе сцен выйшлі 112 выдатнікаў.

У тым ліку 42 ўладальнікі залатога медаля, 32 – сярэбранага.

З 2010 да верасня 2022 года  арганізоўвала і накіроўвала работу Шорсаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Анжаліка Іванаўна Рамановіч.

З 1 верасня 2022 года Шчорсаўскую сярэднюю школу ўзначаліў Ігар Мікалаевіч Палазок.