Экскурсія да нашых абаронцаў

22.02.2024

Вучні 8-11 класаў Шчорсаўскай сярэдняй школы наведалі вайсковыя часці 75158 і 14103 у Навагрудку.

Старшакласнікаў цёпла вітала камандаванне воінскіх часцей. У прыватнасці, адзначалася, што менавіта армейскае жыццё са звычайных хлопцаў выхоўвае сапраўдных мужчын і абаронцаў Айчыны, для каго гонар і годнасць – сэнс жыцця.

Школьнікам паказалі фільм пра Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, пра будні і ўмовы паступлення ў Ваенную акадэмію.

Нашы вучні і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні павіншавалі вайскоўцаў з надыходзячым святам, паказалі гумарыстычную сцэнку з салдацкіх будняў.

У час экскурсіі ў воінскія падраздзяленні будучыя навабранцы пазнаёміліся з умовамі нясення службы, на свае вочы ўбачылі салдацкі быт, тое, з чым ім давядзецца сутыкнуцца ў недалёкай будучыні.
Воіны прадэманстравалі юнакам і дзяўчатам выставу ваеннай амуніцыі, тэхнікі і ўзбраення. Усе, хто хацеў, змаглі памераць на сябе агульнавайсковы ахоўны камплект, патрымаць у руках аўтамат, гранатамёт, зрабіць няпоўную разборку і зборку аўтамата Калашнікава. Гасцінныя вайскоўцы пачаставалі вучняў армейскай кашай і чаем.
Пасля экскурсіі, як у дзяцей, так і ў вайскоўцаў засталіся толькі станоўчыя эмоцыі. Вучні зрабілі для сябе выснову, што служба ў арміі – гэта не толькі грамадзянскі абавязак, але і магчымасць змяніць жыццё, знайсці сябе, даведацца пра свае магчымасці ў розных сітуацыях, атрымаць каштоўны жыццёвы вопыт.