Без мовы няма народа

21.02.2023

Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Для беларусаў – гэта беларуская мова. Адна з самых старажытных, якая вабіць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю.

У гэтым у Міжнародны дзень роднай мовы – 21 лютага – яшчэ раз маглі пераканацца і навучэнцы, і працаўнікі Шчорсаўскай сярэдняй школы.

На ўрачыстай школьнай лінейцы чароўныя Беларус і Беларусачка ў нацыянальных строях віталі прысутных, аб’явілі акцыю “Размаўляй, пішы, стварай па-беларуску”. Вучні ў адказ пранікнёна чыталі вершы беларускіх паэтаў пра сінявокую Айчыну і мілагучную родную мову.

У бібліятэцы была арганізавана тэматычная кніжная выстава “Краіну родную люблю я”.

Сярод вучняў 5 і 6 класаў прайшоў гульнявы інтэлектуальны турнір  “Скарбы роднай мовы”.

Акрамя таго, усе жадаючыя змаглі наведаць “Беларускую хатку” ў школьным музеі, дзе даведаліся шмат цікавага з гісторыі рэчаў хатняга побыту.

На перапынках паміж урокамі школьныя калідоры запаўнялі мелодыі беларускіх песень. Для самых маленькіх дэманстраваліся папулярныя мультфільмы ў перакладзе на беларускую мову.

Напрыканцы свята сваё валоданне беларускай пісьменнасцю паказалі дарослыя – працаўнікі школы, якія з энтузіязмам уключыліся ў напісанне дыктоўкі. Веды па мове, набытыя імі ў розныя часы навучання ў школе, аказаліся досыць грунтоўнымі.

Галоўная думка, якую падзялялі ўсе ўдзельнікі свята: без народа няма мовы, без мовы няма народа.