Улётныя канікулы!

04.01.2023

Зімовыя канікулы для дзяцей - гэта час падарожжаў і экскурсій. Вось і на гэтых канікулах рабяты Шчорсаўскай сярэдняй школы адправіліся на цікавую экскурсію. Раніцай аўтобус узяў курс на горад Баранавічы. Мы наведалі ўнікальнае месца - 558 авіяцыйны рамонтны завод. Гэта адзінае месца ў Рэспубліцы Беларусь, дзе адбываецца рамонт і мадэрнізацыя самалётаў і верталётаў. І гэта быў «палёт» не ў сне, а наяве. Мы бачылі гэтых жалезных птушак, якія аберагаюць нашу Радзіму.


Не паспелі нашы ўражанні прызямліцца, як мы ўжо змянілі від транспарту. І вось мы ўжо ў Музеі чыгункі. Аказваецца, чыгунка - не толькі рэйкі, шпалы, цягнікі і вакзалы, а велізарны жывы арганізм, без працы якога не будзе функцыянаваць усё тое, што ляжыць на паверхні. Пакаталіся на дразіне, падняліся ў кабіну машыніста старадаўняга паравоза.


Стомленыя і задаволеныя вырашылі падсілкавацца. Наведалі KFC у гандлёвым цэнтры Цэнтральны. І з новымі сіламі ў Лядовы палац. Гэта лядовае поле і трыбуны на 2000 месцаў для гледачоў. Тут круглы год можна займацца не толькі хакеем і фігурным катаннем, але і рознымі відамі спорту на спецыяльных пляцоўках.


Экскурсія не пакінула абыякавым ніводнага нашага навучэнца. Рабяты атрымалі велізарнае задавальненне і шмат яркіх уражанняў. А хлапчукі вярталіся з марай: "Вырасту і стану лётчыкам!"