Тое, што кранае сэрца

29.11.2022

Працягвае рэалізоўвацца пілотны праект па арганізацыі наведвання вучнямі старэйшых класаў экскурсійных аб’ектаў па знакамітых месцах Рэспублікі Беларусь.

У рамках вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” для дапаўнення ведаў па тэме: “Гераічнае і трагічнае ў літаратуры”, па аповесці “Знак бяды” В.Быкава, вучні 11 класа Шчорсаўскай сярэдняй школы, 29 лістапада,  наведалі месца масавага генацыду яўрэйскага народа і злачынства фашыстаў на тэрыторыі Беларусі – мемарыяльны комплекс “Трасцянец”, дзе працавалі і прынялі смерць тысячы людзей.

Трасцянец... Што нашы дзеці ведаюць пра яго? Ці баліць у іх сэрца, калі яны чуюць гэтае слова?  Месца, дзе адзінаццацікласнікам адкрылася маштабнасць трагедыі  лагера смерці, які з’яўляецца самым буйным на тэрыторыі Беларусі.  Вялікае ўражанне на вучняў зрабіла наведванне і помніка-манумента ”Брама  памяці”, і  “Дарога смерці”,  і поле пахавання, і помнік на месцы крэмацыйнай  ямы-печы. Кожны змог адчуць  боль, страх і пакуты, якія выпалі на долю вязняў канцлагера. Памяць аб гэтых страшных падзеях ўвекавечана ў пастаментах, інфармацыйных табліцах і не пакідае абыякавымі нікога.

 Яшчэ больш незгладжальнае ўражанне пакінула наведванне месца масавых расстрэлаў яўрэйскага і беларускага народаў ва ўрочышчы Вялікі Трасцянец, дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны было расстраляна 6500 чалавек. Нельга было не звярнуць увагу на папяровыя шыльды жоўтага і белага колераў, прымацаваныя да дрэў. На жоўтых пазначаны імёны забітых прадстаўнікоў яўрэйскага насельніцтва, на белых - беларусаў.  Дзякуючы вопытнаму, дасведчанаму экскурсаводу вучні  вельмі блізка сутыкнуліся з самымі страшнымі падзеямі мінулай  вайны, пераасэнсавалі, чаму так важна захаванне міру на ўсёй зямлі. Ні адзін элемент мемарыяльнага комплексу “Трасцянец” не пакінуў раўнадушнымі вучняў. Толькі памяць, веданне гісторыі, павага і пачуццё патрыятызму спрыяюць выхаванню маладых людзей сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.