Іх подзвіг не будзе забыты

01.07.2022
Пошукавая праца  ваенна-патрыятычнага клуба “Патрыёт”  працягваецца і ў канікулярны час. Вось і нядаўна, 29 чэрвеня, група сяброў клуба, правёўшы папярэдне некалькі гутарак з жыхарамі вёскі Гнесічы, знайшла на мясцовых могілках магілу трох партызан, якія загінулі пры вызваленні нашых мясцін ад гітлераўцаў.

Прачытаўшы іх імёны і прозвішчы на помніку, занатавалі сабе і знайшлі на сайце “Партызаны Беларусі” нямала звестак пра загінуўшых герояў.

Камандзір узвода Першамайскай партызанскай брыгады Мікалай Мікалаевіч Тураносаў, 1909 г.нар., кандыдат у члены УКП(б), ураджэнец ст. Моніна Шчолкаўскага раёна Маскоўскай вобласці, з мая 1942 г. у партызанах. Асабіста пусціў пад адхон 2 варожыя эшалоны. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна).

Партызан, былы чырвонаармеец 340 асобнага зенітна-артылерыйскага дывізіёна Павел Вікенцьевіч Валіцкі, ураджэнец в.Галынка Баранавіцкага раёна, са жніўня 1941 г. на фронце. Пасля ранення трапіў у шпіталь, пазней быў накіраваны на кароткачасовы адпачынак. Аднак з-за немагчымасці  трапіць на фронт да апошняга дыхання біў ворага ў складзе партызанскага атрада.

Партызан атрада імя А.Жданава Першамайскай партызанскай брыгады Мікалай Ніселевіч Шэлюбскі, 1921 г.нар., камсамолец, ураджэнец в.Моўчадзь Гарадзішчанскага раёна Баранавіцкай вобласці, з чэрвеня 1942 г. у партызанскім атрадзе. У час “рэйкавай вайны” пусціў пад адхон 6 варожых эшалонаў. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна).

Дзеці ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання, усклалі вянок на брацкую магілу. Зараз праведзена яе частковае добраўпарадкаванне.

Брацкая магіла партызан уключана ў спіс помнікаў, за якімі праводзіцца догляд. Подзвіг у імя жыцця будучых пакаленняў ніколі не будзе забыты!